АХО́ВА АТМАСФЕ́РЫ,
ахова атмасфернага паветра, комплекс міжнар., дзярж., рэгіянальных гасп.-адм. і грамадскіх мерапрыемстваў па захаванні і ўзнаўленні аптымальных уласцівасцяў атмасферы, прадухіленні яе забруджвання і рацыянальным выкарыстанні; састаўная частка аховы прыроды. Уключае: сан. ахову паветра, ахову і ўзнаўленне біял. рэсурсаў, удасканальванне вытв. працэсаў і трансп. сродкаў, выкарыстанне газа- і пылаўлоўных прыстасаванняў, распрацоўку безадходных тэхналогій, стымуляванне выканання ахоўных мерапрыемстваў, рацыянальную планіроўку і забудову, азеляненне нас. месцаў, кантроль за станам і рацыянальным выкарыстаннем паветр. басейна, эколага-выхаваўчую работу, экалаг. падрыхтоўку кадраў і інш.
На Беларусі ахова атмасферы рэгулюецца Законамі аб ахове атм. паветра, аб ахове прыроды, шэрагам урадавых пастаноў і ўказаў, якія прадугледжваюць мінімізацыю прамысл., трансп. і камунальна-быт. выкідаў у паветра, устанаўліваюць нормы гранічна дапушчальных канцэнтрацыйдамешкаў і гранічна дапушчальных выкідаў у атмасферу. Дзейнічаюць стацыянарныя пасты назірання за ўзроўнем забруджвання атм. паветра ва ўсіх абласных і многіх прамысл. цэнтрах (Мазыр, Наваполацк, Орша і інш.), ствараецца аўтаматыз. сістэма назірання і кантролю за станам навакольнага асяроддзя (гл. Паветра). За парушэнне правілаў аховы атмасферы ўстаноўлена адм., крымінальная і дысцыплінарная адказнасць. Беларусь удзельнічае ў міжнар. сістэме маніторынгу па кантролі за станам атмасферы: на яе тэр. размешчаны аўтаматыз. станцыя фонавага маніторынгу і пункт назірання за трансгранічным пераносам. Мерапрыемствы па ахове атмасферы кантралююць Мін-ва прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, Галоўгідрамет і інш. дзярж. ўстановы з залучэннем грамадскасці (гл. Беларускае таварыства аховы прыроды і інш.).
т. 2, с. 147
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)